Топ-5: навіны 20 сакавіка
Алесін: Вучэнні “Захад-2017” стануць казырнай картай у гандлі за энерганосьбіты
У панядзелак стала вядома, калі ў Беларусі пройдзе беларуска-расійскае стратэгічнае вучэнне "Захад-2017". Па словах міністра абароны нашай краіны Андрэя Раўкова, яно запланавана з 14 па 20 верасня.
Адзначым, што ў панядзелак Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму гэтага вучэння. Паведамляецца, што яно будзе мець “абарончы характар”. Дарэчы, з боку Расіі ў вучэнні возьмуць удзел каля 3 тысяч вайскоўцаў і 280 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 25 самалётаў.
Беларускія памежнікі заявілі, што ўначы 20 сакавіка парушальнікі прарваліся на джыпе праз украінска-беларускую мяжу. Іх затрымалі толькі праз 10 хвілін. У аўтамабілі знайшлі пісталет і дзве абоймы з патронамі, а таксама "прадмет, падобны да выбухоўкі”.
У сваю чаргу, украінскі бок заявіў, што "аўтамабіль з беларускімі нумарамі, які затрымалі на тэрыторыі Беларусі, не перасякаў мяжу ані на ўезд, ані на выезд".
20 сакавіка ў 17.00 у Мінгарвыканкаме павінна была прайсці сустрэча арганізатараў святкавання Дня Волі з гарадскімі чыноўнікамі. Як стала вядома Еўрарадыё, сустрэча была адмененая ўсяго за некалькі гадзін да пачатку.
Прычым заяўнікі акцыі мусяць атрымаць дазвол уладаў на шэсце 25 сакавіка да канца дня 20 сакавіка.
У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску, дзе адбываюць пакаранне затрыманыя пасля вулічнай акцыі 15 сакавіка, перадачы прымаюць толькі ад сваякоў. Нават у тых, у каго ёсць даверанасць, перадачы не бяруць. Пра гэта Еўрарадыё распавёў журналіст БелаПАН Аляксандр Ярашэвіч, грамадзянскую жонку якога затрымалі пасля згаданай акцыі.
Этна-гурт “Троіца” распачаў краўдфаўндынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне новага альбома. Запіс матэрыялу музыкі жадаюць зрабіць у Варшаве, на той жа студыі, дзе з’явіўся папярэдні дыск “Зімачка".
Па падліках музыкаў, запіс у варшаўскай студыі і выданне новага альбома абыдзецца прыкладна ў 36 тысяч рублёў. За пяць дзён на платформе talaka.by музыкі сабралі паўтары тысячы рублёў. Гэта прыкладна 3% ад неабходнай сумы. Адзначым, што да канца кампаніі засталося 56 дзён.