“Тойтэр’ер выратаваў ёй жыццё”: падрабязнасці нападу ратвейлера на палачанку

“Тойтэр’ер выратаваў ёй жыццё”: падрабязнасці нападу ратвейлера на палачанку

У 72-гадовай Ларысы Валянцінаўны з Полацка, на якую 28 студзеня напаў байцовы сабака, пачаліся праблемы са здароўем. Праз высокі ціск жанчына не выходзіць на вуліцу. Сяброўка Ларысы Наталля распавяла Еўрарадыё, што “хуткую” даводзіцца выклікаць 2-3 разы на дзень.

“У Ларысы высокі ціск. Дактары кажуць, што лепш класціся ў лякарню, — распавядае Наталля. — Я сама кінолаг, і ведаю, што такое, калі нападае буйны сабака. І я ведаю, як адбіцца ад любога сабакі. А Ларыса маленькая, худзенькая... Што яна магла зрабіць?”

Дзевяць гадоў таму Ларыса Валянцінаўна завяла тойтэр’ера Додзі. Увечары 28 студзеня яна гуляла з ім ў двары, калі на іх напаў сабака байцоўскай пароды.

“Міліцыянты кажуць, што падобны на ратвейлера, але сабачнікі, якія бачылі, — што больш на канэ-корса. Доўгія ногі, выцягнутая морда, гэта яшчэ больш небяспечны сабака. І ён кінуўся на Ларысу, — распавядае Наталля. — Додзі яна на рукі падняла. Як магла адбівалася нагамі, але ратвейлер паваліў Ларысу. Жыхары дома пачулі крыкі, патэлефанавалі ў міліцыю”.

Двое мінакоў кінуліся да пенсіянеркі, якая ляжала на зямлі. Агрэсіўны сабака пачаў нападаць на людзей, якія дапамагалі Ларысе. Па словах Наталлі, супрацоўнікі міліцыі прыехалі вельмі хутка, але супакоіць агрэсіўнага сабаку атрымалася толькі восьмым стрэлам. Тойтэр’ер Додзі на той момант ужо быў мёртвы.

“Сабачка — адзіная яе радасць была, — працягвае Наталля. — Додзі і мяне ад дэпрэсіі выратаваў. Такі мірны быў. Незвычайны пёс. Міліцыянты потым казалі, што гэта быў анёл, які выратаваў Ларысу. Калі яна ўпала, шанцаў амаль не было, але яна Додзі да грудзей прыціскала. Тойтэр’ер выратаваў ёй жыццё, бо на жанчыну канэ-корса не паспеў пераключыцца”.

На думку Наталлі, сабака, які напаў на яе сяброўку, ці згубіўся, ці яго выкінулі. За некалькі дзён да нападу жывёлу бачылі каля крамы, дзе яе кармілі работнікі. Знайсці гаспадара цалкам магчыма — хутчэй за ўсё, ў горад канэ-корса прывезлі з прыватнага сектару.

“Сабака пародзісты, нехта яго гадаваў, — тлумачыць Наталля. — Яму рабілі прышчэпкі. Будуць правераныя гарадскія ветэрынаркі”.

Калі гэта быў мясцовы сабака, то пошукі яго гаспадара — пытанне часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі