Трамп і Клінтан выйграюць парламенцкія выбары ў Беларусі і Літве
Акрамя Беларусі ў найбліжэйшы час парламенцкія выбары пройдуць у Літве і Расіі. Мясцовыя СМІ гэтых краінаў паведамляюць, што асвятленне кампаніяў праходзіць квола.
У Літве парламенцкія выбары пройдуць 9 кастрычніка, і там мясцовыя медыя абураюцца, што актыўнай выбарчай кампаніі не бачна. Да прыкладу, пра прэзідэнцкія выбары ў ЗША больш навінаў, чым пра мясцовую парламенцкую кампанію.
Дырэктар інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук, прафесар Рамунас Вілпішаўскас так тлумачыць гэтую сітуацыю літоўскаму каналу LRT:
“Мяркую, што вялікую цікавасць выклікаюць неадназначныя заявы Дональда Трампа. Таму не толькі ў Літве, але і ва ўсім свеце СМІ надаюць гэтаму шмат увагі. У Літве ж няма такіх супярэчлівых персонаў, якія маглі б уплываць як на літоўскую палітыку, так і на ўвесь свет”, — кажа ён.
Палітычны аглядальнік Рымвідас Валатка гэтаму ж каналу тлумачыць, што цяпер партыі “гуляюць” толькі з легальна атрыманымі ад дзяржавы грашыма, але іх хапае толькі на падтрыманне існавання — утрыманне офісаў, работнікаў і падобнае, што адбіваецца на колькасці рэкламных матэрыялаў.
У Расіі парламенцкія выбары пройдуць праз тыдзень пасля нашых — 18 верасня. Выглядае, што і яны не выклікаюць надзвычайнай увагі ў тамтэйшага насельніцтва. Паводле апытання, які праводзіў “Фонд грамадскага меркавання”, палова расіянаў не глядзела перадвыбарных дэбатаў і глядзець не збіраецца.
За дэбатамі, якія пачаліся 22 жніўня, сачыў толькі 21% апытаных. А 51% не глядзеў дэбаты і не плануе. Бі-бі-сі прыводзіць тлумачэнні кіраўніка Палітычнай экспертнай групы Канстанціна Калачова з гэтай нагоды:
“Па-першае, частка грамадзян не цікавіцца палітыкай. Па-другое, частка тых, хто палітыкай цікавіцца, не лічыць, што дэбаты трэба глядзець, калі яны ўжо вызначыліся, за каго галасаваць”.
Эксперт БАЖ, старшыня маніторынгавай камісіі па асвятленні парламенцкіх выбараў у Белаурсі Алесь Анціпенка кажа, што і ў нашай краіне кампанія праходзіць ціха і галоўную ролю тут выконвае Цэнтральная выбарчая камісія.
“ЦВК і іншыя выбарчыя камісіі маюць найбольш часу ў эфіры радыё, тэлебачання і электронных медый”, — кажа эксперт.
Па словах эксперта, фармальна ўсе кандыдаты атрымалі роўны доступ да дзяржаўных СМІ. Але праблема ў тым, што іхнія выступы практычна не анансуюцца, “вызначыць дзень і час выступу вашага кандыдата амаль немагчыма”.
Таксама Анціпенка гаворыць, што падчас мінулага этапу маніторынгу эксперты БАЖ зафіксавалі ў праграме “Галоўны эфір”, якая выходзіць на канале Беларусь 1, што сюжэты, прысвечаныя выбарчай кампаніі Трампа і Клінтан, мелі сур’ёзную вагу і былі сувымернымі па часе, адведзеным на парламенцкую кампанію ў Беларусі.
“Алімпійскія гульні вельмі моцна паўплывалі на характар асвятлення нашай выбарчай кампаніі. Спартовыя навіны паводле часу былі значна больш важнымі, чым інфармацыя пра выбарчую кампанію”, — дадае Анціпенка.
Па выніках маніторынгу выявілася, што вялікая частка інфармацыі ў дзяржаўных і прыватных СМІ пра парламенцкія выбары — вельмі часта тэхнічнага і арганізацыйнага плану. То бок медыя фактычна не заангажоўвае выбарцаў у выбарчую кампанію: складана параўнаць праграмы кандыдатаў, складана вызначыць, з якой платформай ідзе тая ці іншая партыя на выбары. І гэта сур’ёзна адчужае выбарца ад кампаніі.
Алесь Анціпенка гаворыць, што, у адрозненне ад папярэдніх парламенцкіх кампаніяў, сёлета крытычны напал у дзяржаўных СМІ ў бок апазіцыі не настолькі моцны, але і самі кандыдаты сталі менш заўважнымі.