Трое беларусаў, пацярпелых ва Украіне, — у цяжкім стане ў рэанімацыі
Улады Мікалаеўскай вобласці Украіны накіравалі ў Крываазёрскую раённую лякарню дадатковых хірургаў і траўматолагаў. Дактары мусяць дапамагчы 12 беларусам, якія зранку 20 ліпеня пацярпелі ў ДТЗ. Як паведамлялася, у аўтааварыі загінулі пяць чалавек — кіроўца і чатыры пасажыры.
Украінскія медыкі паведамляюць, што трое пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі, іх стан стабільна цяжкі, перадае Радыё "Свабода". Па іх словах, перавозіць пацярпелых у Беларусь пакуль што рана: спярша трэба пераканацца, што стан здароўя пацярпелых не будзе пагаршацца.
У паліцыі Мікалаеўскай вобласці кажуць, што кіроўца грузавіка, з якім сутыкнуўся беларускі мікрааўтобус, затрыманы. Ён дае праваахоўнікам тлумачэнні, чаму прыпыніўся на праезнай частцы і не прыняў ўсе неабходныя меры бяспекі падчас аварыйнага прыпынку.