Турыстычны аўтобус перакуліўся пад Оршай

Турыстычны аўтобус перакуліўся пад Оршай

ДТЗ з міжнародным турыстычным аўтобусам адбылося ў Аршанскім раёне зранку 2 жніўня, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама

У аўтобусе рэйсам Кіеў-Талін былі 53 чалавекі — грамадзяне Украіны, Малдовы і Расіі. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца заснуў за рулём і ў 4.30 каля вёскі Светачэўка ўрэзаўся ў ліхтарны слуп. Ад удару аўтобус перакуліўся ў кювет. 

12 чалавек былі дастаўленыя ў лякарню для агляду медыкамі. Восем з іх пасля агляду адпусцілі. Лекары запэўніваюць, што сур'ёзных траўмаў у аварыі не атрымаў ніхто і шпіталізацыя ім не патрэбная. 

Астатніх пасажыраў супрацоўнікі міліцыі і МНС даставілі ў гатэль. Бліжэйшым часам у Оршу з Ліды прыбудзе рэзервовы аўтобус, на якім турысты адправяцца далей у суправаджэнні ДАІ. 

Пры вывучэнні тахографа выявілася, што перазменка кіроўцаў мусіла адбыцца ў 5.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі