Twitter намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі ўзламалі і выклалі фэйк

Twitter намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі ўзламалі і выклалі фэйк

На старонцы першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова 11 чэрвеня з’явіўся допіс і фота ліста на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Антона Вайно за подпісам Наталлі Качанавай. У лісце “ад імя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі выказваюцца прабачэнні расійскім калегам за арганізаваныя намі меры супраць Расійскай Федэрацыі ў галіне інфармацыйнай бяспекі”.

Як паведаміў Еўрарадыё першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў, гэты допіс ў “Твітары” ён не рабіў, а такога ліста за подпісам Наталлі Качанавай не існуе.

Максім Рыжанкоў: “Усё, што там апублікаванае, не адпавядае рэчаіснасці. І каментаваць тут няма чаго, бо ўзламаная старонка і ўзламаная мая электронная пошта. Усё, што там цяпер распаўсюджваецца ― гэта ўсё правакацыя. Тым больш, калі вы паглядзіце, то ўбачыце, што апошнім часам я ў гэтым акаўнце ніякіх дзеянняў не рабіў”.

Сапраўды, апошні допіс у “Твітары” Максім Рыжанкоў зрабіў у 2016 годзе, і да канца траўня 2018 года сваім акаўтам не карыстаўся.

Пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, пра якое ідзе гаворка ў лісце, пройдзе ў Мінску 19 чэрвеня.

Адметна, што гэты допіс на старонцы Максіма Рыжанкова з’явіўся напярэдадні разгляду ў Вярхоўным судзе Беларусі апеляцыі па “справе Рэгнума” ― яна прызначаная на 12 чэрвеня. Дзень, на які прыпадае святкаванне Дня Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі