Тымчук: У Луганск увайшла калона расійскай вайсковай тэхнікі
У яе складзе некалькі дзесяткаў танкаў, БТР і БМП, агулам каля 40 адзінак.
“На жаль, пацвярджаецца той факт, што сёння ў Луганску на падмогу мясцовым баявікам прарвалася калона ваеннай тэхнікі. Частка яе прыбыла з Расіі раней, частка - увайшла на Данбас з тэрыторыі РФ сёння. Па нашых дадзеных, усяго да ўскраіны Луганска прарвалася некалькі дзесяткаў адзінак тэхнікі, з якіх 40 - цяжкая бранятэхніка. Частка гэтай калоны ўвайшла ў горад.
Якім чынам калона тэхнікі змагла прарвацца праз лінію акружэння, улічваючы, што Луганск заблакаваны кольцам блокпастоў і апорных пунктаў сіл АТА - мы зараз сказаць не можам”, - паведаміў эксперт Дзмітрый Тымчук на сваёй старонцы ў фэйсбуку вечарам 19 жніўня.
Амаль адначасова з гэтым паведамленнем стала вядома, што украінская армія пачала весці баі на тэрыторыі Луганска. Некалькі дзён таму часткі рэгулярнай арміі таксама пачалі вызваляць ад тэрарыстаў ускраіны Данецка.