У АБСЕ па-ранейшаму гатовыя дапамагчы з дыялогам уладаў Беларусі і грамадства
Дзейная старшыня АБСЕ Ан Ліндэ / Reuters
Прапанова АБСЕ аб арганізацыі дыялогу паміж уладамі Беларусі і грамадзянскай супольнасцю застаецца ў сіле, заявіла дзейная старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ падчас візіту ў Казахстан.
Яна нагадала, якія падзеі паўплывалі на прапанову АБСЕ дапамагчы з арганізацыяй перамоў: у Беларусі былі праведзеныя несправядлівыя і несвабодныя выбары, многія людзі былі арыштаваныя і з затрыманымі вельмі дрэнна абыходзіліся.
"На той момант тройка АБСЕ прыняла рашэнне прапанаваць сваю дапамогу ва ўсталяванні дыялогу паміж рэжымам і грамадзянскай супольнасцю. Гэтая прапанова застаецца ў сіле", — цытуе Ан Ліндэ агенцтва "Інтэрфакс-Захад".
Дзейная старшыня АБСЕ таксама выказала надзею на правядзенне ў Беларусі свабодных выбараў. Яна таксама спадзяецца, што ў выбарах змогуць узяць удзел усе палітычныя сілы, якія змогуць свабодна выказваць сваю волю.
На мінулым тыдні Ан Ліндэ таксама заклікала афіцыйны Мінск да супрацоўніцтва з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. У Бюро устрывожаныя "адсутнасцю расследавання шматлікіх заяў аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання і беспакаранасцю вінаватых".
Між тым, чыноўнікі працягваюць настойваць, што тэма выбараў закрытая і іх вынікі не абмяркоўваюцца. У мінулыя выхадныя кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў у эфіры беларускага тэлебачання, што "сёння ніхто не спрачаецца, што Аляксандр Лукашэнка выйграў выбары".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.