Закрываць беларускія межы ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса не плануецца
У нацыянальным аэрапорце "Мінск" будзе наладжаны двайны медыка-санітарны кантроль, выкліканы распаўсюдам кітайскага каранавіруса. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 28 студзеня паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.
Медыкі стануць правяраць пасажыраў яшчэ на борце самалётаў. Потым людзі змогуць здаць экспрэс-тэсты ў самім аэрапорце — у іх возьмуць мазкі са слізістай. Такі аналіз прапануюць тым, хто доўга знаходзіўся ў Кітаі, кітайскім рабочым і студэнтам. Аналіз будзе гатовы на працягу 4-12 гадзін. Рабіць яго будуць за кошт бюджэту.
Раней паведамлялася, што пасажыраў у аэрапорце правяраюць з дапамогай цеплавізараў. Гэта датычыць людзей, якія прыбываюць з краін, дзе выявілі небяспечнае захворванне.
Пакуль што ў нашай краіне не выяўлена ніводнага выпадку захворвання на кітайскі каранавірус.
Таксама міністр паведаміў, што закрываць межы Беларусі ў сувязі з кітайскім каранавірусам не плануецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.