У Аршанскім раёне завялі крымінальную справу за заніжэнне коштаў на "малочку"
У краме / sb.by
У Аршанскім раёне завялі крымінальную справу за заніжэнне цэн на малочную прадукцыю. Пра гэтую гісторыю віцебскія праваабаронцы даведаліся з публікацыі "Аршанскай газеты". Выданне надрукавала рэпартаж пра выкананне дырэктывы № 10 "Аб недапушчальнасці росту коштаў".
Падчас адной з праверак кантралёры з КДК выявілі, што "адзін з суб'ектаў гаспадарання малочнай галіны" дазваляў пакупнікам набываць малочныя вырабы танней. У Камітэце дзяржкантролю палічылі, што прадпрыемства не атрымала магчымага прыбытку. Шкоду налічылі ў памеры 270 тысяч рублёў. Пасля праверкі прадпрыемству выпісалі штраф, а дырэктара і яго намесніка звольнілі. Акрамя таго, былі заведзеныя дзве крымінальныя справы. Адна з іх — на былога дырэктара.
"Аршанская газета" таксама расказвае, што ў рэгіёне штодня ладзіцца па некалькі праверачных рэйдаў у розныя крамы. Ужо праверылі каля 200 аб'ектаў. У большасці выпадкаў парушэнняў не знайшлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.