У арыштаваных студэнтаў з'явіліся акаўнты ў Tinder
У траіх студэнтаў, змешчаных у СІЗА з 12 лістапада 2020 года, з'явіліся профілі ў дадатку для рамантычных знаёмстваў Tinder. Гэта Глеб Фіцнер, Ксенія Сырамалот і Ягор Канецкі. Акцыю зладзіла Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС), піша TUT.by.
Як паведамлялася раней, 12 лістапада сілавікі затрымалі дзевяць студэнтаў, а таксама сябра Каардынацыйнага савета і прадстаўніцу Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алану Гебрэмарыям. Ім выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Усе яны з таго часу знаходзяцца пад вартай у СІЗА.
ЗБС вырашыла правесці акцыю падтрымкі і стварыла ад імя некаторых з затрыманых профілі ў Tinder. У апісаннях гаворыцца, што ўладальнікі цяпер знаходзяцца ў СІЗА: "Свайпай і пішы, але я пакуль у СІЗА". Таксама ў профілі ёсць звесткі пра затрыманні і абвінавачванні.
У ЗБС мяркуюць, што профілі студэнтаў у Tinder нагадаюць, каб ім дасылалі лісты і паштоўкі. Альбо прынамсі дапамогуць атрымаць словы падтрымкі ў інтэрнэце, якія адрасаты змогуць прачытаць пасля вызвалення. Калі затрыманыя апынуцца на волі, ім перададуць лагіны і паролі ад акаўнтаў.
У ЗБС кажуць, што гэтыя профілі — сюрпрыз для затрыманых. Ці ёсць у іх рэальныя пары ў жыцці, актывісты ЗБС не задумваліся. Яны лічаць, што па профілях бачна: рамантычнага падтэксту тут няма. Профілі затрыманых у Tinder — гэта своеасаблівая форма салідарнасці, каб матываваць людзей дасылаць лісты і паштоўкі. "Ніякіх нюдсаў мы нікому не дасылаем", — кажуць у ЗБС.
Дарэчы, наступным у Tinder павінен з'явіцца акаўнт Аланы Гебрэмарыям.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.