У Аўстрыі зачыняюць сем мячэцяў і высылаюць з краіны 40 імамаў

У Аўстрыі зачыняюць сем мячэцяў і высылаюць з краіны 40 імамаў

У Аўстрыі зачыняюць 7 мячэцяў і дэпартуюць з краіны 40 імамаў, падазраваных у сувязях з турэцкімі нацыяналістамі. Як паведамляе ВВС, ліквідуецца таксама група “Арабская рэлігійная супольнасць”, якая кіруе шасцю мячэцямі. Аўстрыйскія ўлады тлумачаць такое рашэнне неабходнасцю падаўлення “палітычнага ісламу” і барацьбой з турэцкім нацыяналізмам. Турцыя ў сваю чаргу назвала дзеянні афіцыйнай Вены “ісламафобскімі, расісцкімі і дыскрымінацыйнымі”.

Аўстрыя дзейнічае на падставе закона аб забароне замежнага фінансавання, які набыў моц у 2015 годзе. Ён закранае таксама рэлігійныя арганізацыі, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы. Прэм’ер-міністр Аўстрыі Себасцьян Курц выступае за абмежаванне міграцыю мусульманаў у Еўропу і хоча пакласці канец перамовам аб прыняцці Турцыі ў Еўрасаюз.

Апроч Аўстрыі, абмежаваць прыток мусульманаў хочуць Венгрыя, Славакія, Чэхія і Польшча. Праз гэта краіны маюць канфлікты з Нямеччынай, якая ў 2015 годзе прыняла каля мільёна бежанцаў пераважна з мусульманскіх краінаў. Пры гэтым у самой Турцыі цяпер знаходзіцца каля 3 мільёнаў сірыйскіх бежанцаў і Анкара заяўляе, што ЕС недастаткова ёй дапамагае.

У траўні 2017 года Турцыя наклала вета на супрацоўніцтва НАТО з Аўстрыяй. У выніку Вена не можа супрацоўнічаць у ваеннай сферы яшчэ з 41 краінай, бо Турцыя — ключавы гулец у НАТО.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі