У Баранавічах за "ўдзел у масавай акцыі" затрымалі супрацоўніцу "Ельцын цэнтра"
Марына Пятрушка / Facebook
Да суда пакінулі ў ІЧУ кіраўніцу інтэрнэт-праектаў расійскага прэзідэнцкага "Ельцын цэнтра" Марыну Пятрушка. Яе затрымалі напярэдадні ў Баранавічах за "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". У момант затрымання яна знаходзілася на прыпынку грамадскага транспарту, ехала да сваёй 83-гадовай маці, расказаў адвакат Антон Гашынскі.
"Яна не прызнае сваёй віны, ні ў якіх несанкцыянаваных мерапрыемствах не ўдзельнічала", — цытуе Гашынскага агенцтва ТАСС.
Гашынскі размаўляў са сваёй падабароннай у ІЧУ. Паводле яго слоў, яна адчувае сябе здавальняюча, але "скардзіцца на тое, што ў ізалятары вельмі холадна, ён не ацяпляецца".
Напярэдадні падчас акцый пратэсту ў Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, было затрымана каля 350 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.