У Беларусі чацвёрты дзень ідуць суды за акцыі "недармаедаў"
16 сакавіка ў Беларусі працягнуцца суды за акцыі "недармаедаў" — суды адбываюцца чацвёрты дзень запар.
У Мінску, Магілёве і Гродне будуць разглядаць справы людзей, затрыманых на ўчорашніх акцыях пратэсту. Нагадаем, што сталічную акцыю ўлады дазволілі, у абласных цэнтрах — не.
Ва ўсіх трох гарадах пасля акцыяў адбываліся затрыманні ўдзельнікаў. Па звестках праваабаронцаў, якія перадае сайт "Вясна", учора ў Беларусі былі затрыманыя больш за 50 чалавек. Некаторых адпусцілі праз некалькі гадзін, але на большую частку склалі пратаколы аб правапарушэннях.
Міліцыянты пры затрыманні дзейнічалі без апазнавальных знакаў, ужывалі грубую фізічную сілу і нават слезацечны газ.
У Мінску затрыманых будуць судзіць у судах Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў. У Першамайскім судзе таксама судзяць журналістку сайта Eurobelarus.info Дзіяну Серадзюк за ўдзел у мітынгу ў Курапатах 21 лютага 2017 года.