У Беларусі могуць увесці ўтылізацыйны збор на вела- і мотапрадукцыю
У Беларусі могуць увесці ўтылізацыйны збор на вела- і мотапрадукцыю. Пра гэта заявіў дырэктар “Мотавелазавода” Мікалай Ладуцька. Завод, які ён узначальвае, збіраецца стварыць сумеснае прадпрыемства з бранскай групай кампаній ТАА “Веламотарс”. Маштаб яго працы будзе залежыць ад таго, ці будуць забяспечаны ў саюзнай дзяржаве роўныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, беларускіх і расійскіх. Калі ж сітуацыя будзе спрыяльная, па словах Ладуцькі, на працягу 2-3 гадоў у Беларусі і Расіі пабудуюць восем прамысловых прадпрыемстваў.
Каб паспяхова змагацца з несумленнай канкурэнцыяй, вытворцы прапануюць увесці маркіроўкі ровараў і матацыклаў, асноўных запчастак. “Другая прапанова — увядзенне ўтылізацыйнага збору на вела- і мотапрадукцыю, што створыць умовы для развіцця айчыннай вытворчасці”, — цытуе словы Мікалая Ладуцькі БЕЛТА.
Як вядома, ужо пяць гадоў у нашай краіне дзейнічае ўтылізацыйны збор на аўтамабілі. У 2014 годзе пад яго трапіла і прадукцыя расійскіх аўтавытворцаў. Памер гэтага збору залежыць ад вагі аўтамабіля, аб’ёма яго рухавіка і года выпуску, нагадвае партал tut.by.