У Беларусі прыведзены ў выкананне чарговы смяротны прысуд

У Беларусі прыведзены ў выкананне чарговы смяротны прысуд

6 траўня стала вядома пра чарговае смяротнае пакаранне здзейсненае ў Беларусі. Гэтым разам вышэйшая мера прыведзеная ў выкананне ў дачыненні да жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

У сакавіку 2015 года ён быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны і асуджаны на расстрэл.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда кажа, што Іванова вывелі з камеры мінскага СІЗА на Валадарцы ў ноч з 17 на 18 красавіка. Пра тое, што смяротны прысуд прыведзены ў выкананне, сваякам паведамілі пасля 1 траўня.

“Найбліжэйшым часам яны павінны забраць пасведчанне аб смерці. Асабістыя рэчы асуджанага пакуль не вярнулі”, — паведамляе праваабаронца.

Паводле беларускага заканадаўства, сваякам не выдаюць цела асуджанага, а таксама не паведамляюць пра месца яго пахавання.

Вядома, што Іваноў звяртаўся з прашэннем аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі і накіроўваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Адказ з міжнароднай структуры пакуль не паступаў. Нягледзячы на гэта, прысуд прыведзены ў выкананне.

Зараз асуджанымі да выключнай меры пакарання з’яўляюцца 3 чалавекі: Іван Кулеш (жорсткае забойства трох чалавек), Генадзь Якавіцкі (жорсткае забойства аднаго чалавека), Сяргей Хмялеўскі (жорсткае забойства трох чалавек).

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. З 1991 года да расстрэлу прыгаворана больш за 400 чалавек, Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага.

3 траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International распаўсюдзіла “тэрміновы заклік да прэзідэнта Беларусі” накласці мараторый на смяротнае пакаранне. Гэтая акцыя ладзіцца з нагоды таго, што Вярхоўны суд краіны пакінуў у сіле смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму.

Amnesty International ладзіць акцыю ў абарону Генадзя Якавіцкага ад расстрэлу

Міжнародная арганізацыя заклікае ўсіх неабыякавых дасылаць звароты Аляксандру Лукашэнку і генпракурору Аляксандру Канюку з трыма патрабаваннямі: замарозіць выкананне ўжо вынесеных смяротных прысудаў, звярнуць увагу на сцвярджэнні абароны Якавіцкага аб няпоўнай вывучэнасці доказаў у судзе і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі