У Беларусі рэзка вырас аб'ём рублёвай масы
Рублёвая маса вырасла ў тым ліку і ў даляравым эквіваленце / Интерфакс
У чэрвені ў Беларусі рэзка вырас сумарны аб'ём грашовай масы ў беларускіх рублях. У гэты паказчык уваходзяць і наяўныя грошы, і банкаўскія дэпазіты ў нацыянальнай валюце, і рублёвыя каштоўныя паперы банкаў. "Эканамічная газета" піша, што гаворка пра рэкорднае значэнне.
"Прычым максімум гэтага грашовага агрэгата М2 дасягнуты не толькі ў BYN-рублях, у чым няма нічога "асаблівага", але і, што больш важна, у даляравым эквіваленце", — адзначае выданне. У выніку даляравая велічыня BYN-рублёвай грашовай масы перавышае аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі на найбольшы за апошнія 7 гадоў працэнт.
Прырост рублёвай масы за чэрвень склаў 4,1%, і гэта адно з самых значных месячных павелічэнняў за апошнія гады. У выніку дасягнуты гістарычныя рэкорды — і па суме ў беларускіх рублях (5,838 млрд BYN), і па значэнні даляравага эквіваленту гэтай сумы (2,275 млрд USD).
Аўтары выдання адзначаюць, што даляравы эквівалент аб'ёму рублёвай масы рэзка падняўся ў апошнія тры месяцы, у тым ліку праз моцнае ўмацаванне беларускага рубля да даляра. Яны таксама нагадваюць, што рублёвую грашовую масу ў даляравым эквіваленце часта разглядаюць у якасці ўзроўню дэвальвацыйнага патэнцыялу. Глядзяць, наколькі яна суадносіцца з ЗВР краіны: ці хопіць валютных запасаў у выпадку масавага, панічнага канвертавання беларускіх рублёў у цвёрдую замежную валюту. Сённяшні адсотак перавышэння рублёвай масы над ЗВР складае 38,2%, і гэта менш за тое, што было перад дэвальвацыяй 2011 года (131%, гэта значыць у 2,3 разоў). Аднак сітуацыя можа пагоршыцца, калі рублёвая маса будзе расці пры стрымліванні курсу даляра, а ЗВР павялічвацца не будуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.