У Беларусі ствараюць базу навучэнцаў, каб з яе папаўняць спісы "дармаедаў"
У Беларусі ствараюць адзіную базу навучэнцаў па ўсіх установах адукацыі краіны. Адпаведную пастанову №36 прыняло Міністэрства адукацыі 16 красавіка, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Падкрэсліваецца, што база навучэнцаў складаецца фармавання базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы — так званых "дармаедаў".
У гэтую базу будуць падавацца звесткі пра навучэнцаў ва ўзросце ад 18 гадоў, "якія атрымліваюць або атрымалі адукацыю на дзённай форме, а таксама адукацыю дома, за выключэннем дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і дадатковай адукацыі дарослых пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы навучальных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў, афіцэрскіх курсаў ды іншых відаў навучальных курсаў) і адукацыйнай праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы".
У базу даных будзе ўключацца наступная інфармацыя: ідэнтыфікацыйны нумар; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) на рускай мове; перыяд атрымання адукацыі; назва ўстановы адукацыі; назва ўпаўнаважанага органа, які падаў інфармацыю для фармавання базы даных навучэнцаў, ды інш.
База за першае паўгоддзе бягучага года павінна складацца не пазней як 20 жніўня бягучага года, а за другое паўгоддзе — не пазней як 20 лютага наступнага года. Прычым кожны месяц яе будуць актуалізаваць.
Збор, апрацоўка, захоўванне інфармацыі ў базе даных навучэнцаў будзе весціся ў электронным выглядзе.