У Беларусі створаны Камітэт салідарнасці з Украінай

Пра гэта Еўрарадыё распавёў сустаршыня аргкамітэту партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец. Па яго словах, камітэт сабраў людзей, гатовых быць салідарнымі з Украінай, якая апынулася перад расійскай агрэсіяй.



Севярынец: "Запланавана бліжэйшым часам больш за 20 розных мерапрыемстваў, пачынаючы ад малітваў за Украіну, вечарынаў, прэзентацыяў і завяршаючы інфармацыйнай кампаніяй у інтэрнэце і сацыяльных сетках а таксама на выбарах украінскага прэзідэнта 25 траўня".



За стварэнне камітэта падпісалася больш за 30 чалавек. У іх ліку Аляксей Янукевіч, Ганна Шапуцька, Зміцер Дашкевіч, Аляксей Марачкін, Анатоль Сідарэвіч ды іншыя.



Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Ганну Шапуцьку, на першым пасяджэнні былі сабраныя подпісы пад зваротам у Генпракуратуру з патрабаваннем забараніць у Беларусі трансляцыю тэлеканала РТР.



Падпісанты тлумачаць сваё патрабаванне тым, што ў перадачах гэтага канала "Весці" і "Нядзельны вечар з Салаўёвым" у выступах вядучых і гасцей праграм гучаць заклікі да нацыянальнай варожасці. Акрамя таго, гаворыцца ў звароце, тэлеканал падвяргае сумневу права беларускага народа на самавызначэнне, на ім гучаць заклікі да змены канстытуцыйнага ладу Беларусі, адпрэчваецца яе суверэнітэт.



Акрамя таго, у звароце патрабуецца забараніць уезд у Беларусь і пачаць крымінальную справу на тэлевядоўцаў Дзмітрыя Кісялёва і Уладзіміра Салаўёва, а таксама гасцей іх праграм Аляксандра Праханава, Уладзіміра Жырыноўскага, Анатоля Вассермана і Аляксандра Дугіна.



Фота — lenta-ua.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі