У Беларусі супраць былога палітвязня Судаленкі распачалі крымінальную справу
Леанід Судаленка
У Беларусі супраць праваабаронцы, былога палітвязня Леаніда Судаленкі распачалі новую крымінальную справу. На гэты раз гэта "іншае садзейнічанне экстэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). Справу распачаў "1 лістапада СК у Гомелі", паведамляе Судаленка ў Facebook.
"Як вядома, першы раз мяне кінулі ў турму за дапамогу людзям, — піша былы палітвязень. — Адсядзеў, выйшаў па званку і роўна на 100 дзён свабоды новыя абвінавачванні, не падабацца як я пра гэта расказваю людзям. Выходзіць зараз за тое, што не маўчу...".
Гомельскі праваабаронца, палітвязень Леанід Судаленка быў за кратамі са студзеня 2021-га. Два гады таму яго асудзілі на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за дапамогу тым, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту 2020-га. Ён цалкам адбыў тэрмін прызначанага пакарання, на волю выйшаў у ліпені сёлета. А праз два тыдні з'ехаў з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.