У Беларусі ўжо ў кастрычніку чакаецца падаражэнне камунальных паслугаў
З 1 кастрычніка ў нашай краіне могуць павысіць тарыфы на камунальныя паслугі на 22%. Зараз гэтае пытанне разглядае Міністэрства эканомікі. Між тым 16 верасня на нарадзе ў Лідзе прэм’ер-міністр Сідорскі абяцаў, што павышэння тарыфаў да канца 2007 года не будзе.
Пра магчымасць павышэння тарыфаў на “камуналку” паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сушко. Ён сцвярджае, што канчатковага рашэння яшчэ няма, паведамляе “Інтэрфакс”.
У той жа час Сушко прызнае, што з рэзкім павелічэннем тарыфаў знізіцца плацёжаздольнасць насельніцтва. А зараз запазычанасць насельніцтва па аплаце “камуналкі” па краіне складае 40 мільярдаў рублёў.
Між тым, яшчэ нядаўна міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Белахвостаў пасля аўдыенцыі з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што “няма падставаў для рэзкага павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі для насельніцтва”.
Паводле яго словаў, рыхтаваліся прапановы па росце тарыфаў на наступны год.
Падобную заяву рабіў у жніўні і прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Ён паабяцаў, што да канца года тарыфы застануцца ранейшымі і заклікаў беларусаў ашчадна адносіцца да выкарыстання рэсурсаў.
Фота — www.bsb.by