У Беларусі забаранілі выдаваць заробкі ў замежнай валюце
Гэта тычыцца нават іншаземцаў, працаўладкаваных у замежных арганізацыях.
Нацыянальны банк разаслаў камерцыйным банкам ліст, у якім гаворыцца, што ўсе грамадзяне краіны, якія працуюць у замежных прадстаўніцтвах, з 25 ліпеня сёлета будуць атрымліваць заробкі толькі ў беларускіх рублях. Гэта тычыцца і грамадзян замежных краін, якія працуюць у арганізацыях, фінансаваных з-за мяжы.
Гэтую навіну тлумачаць тым, што з 25 ліпеня набыў моц закон “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь”. Згодна з гэтым законам, з кодэксу выключылі артыкул, які тычыўся рэгулявання працоўных адносінаў у арганізацыях з замежнымі інвестыцыямі, інфармуе newsbel.by
Такім чынам, зніклі падставы для выплаты заробкаў работнікам у замежнай валюце, калі заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі не будуць вызначаныя іншыя ўмовы. Важная заўвага — гэтае правіла распаўсюджваецца на тых грамадзян (супрацоўнікаў і наймальнікаў), якія заключылі працоўную дамову на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.