У Бельгіі падчас спецаперацый арыштаваныя 16 чалавек
Падчас паліцэйскіх аперацый у Брусэлі і яго ваколіцах 22 лістапада былі арыштаваныя 16 чалавек. Пра гэта інфармуе BBC са спасылкай на бельгійскага пракурора Эрыка ван дэр Сіпта.
Не ўдалося затрымаць асноўнага падазраванага ў нападах на Парыж 13 лістапада — Салаха Абдэслама. Яго вышук працягваецца.
Паліцыя правяла ператрусы ў 19 дамах у Брусэлі і Шарлеруа, аднак зброі і выбуховых рэчываў не выявіла. Адзін з затрыманых атрымаў траўму падчас няўдалай спробы ўцячы ад паліцыі на аўтамабілі.
Аперацыі супраць ісламістаў, якія могуць здзейсніць напады, у Брусэлі працягваюцца. Паліцыя папрасіла СМІ не паведамляць падрабязнасці такіх аперацый, а мясцовых жыхароў — не пісаць у сацсетках пра тое, дзе паліцыя праводзіць аперацыі.
Прэм'ер-міністр Бельгіі Шарль Мішэль у нядзелю заявіў, што яшчэ як мінімум суткі ў Брусэлі захаваецца самы высокі — чацвёрты ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. У панядзелак усе школы, універсітэты і метро ў горадзе застануцца зачыненымі. Улады раяць гараджанам не выходзіць з дому без крайняй неабходнасці.
Фота: EPA