У бліжэйшым "Клубе рэдактараў" возьме ўдзел старшыня БАЖ Андрэй Бастунец

У бліжэйшым "Клубе рэдактараў" возьме ўдзел старшыня БАЖ Андрэй Бастунец

26 лютага старшыня БАЖ Андрэй Бастунец возьме ўдзел у запісе праграмы "Клуб рэдактараў", якая выходзіць на тэлеканале "Беларусь 1". Тэма перадачы будзе аб'яўленая падчас запісу. Бастунец апынецца ў кампаніі з шэфам Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам, галоўным рэдактарам газеты "Беларусь сегодня" Паўлам Якубовічам і яшчэ адным прадстаўніком СМІ, кім — не паведамляецца.

Пра запрашэнне Бастунца на БТ у каментары Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

Гарэцкі: "Пакуль ніхто з рэдактараў незалежных СМІ апроч Бастунца запрашэнне на "Клуб рэдактараў" на гэтую пятніцу не атрымаў, і падобна, што так і будзе. Таму што там звычайна бяруць удзел чатыры чалавекі. Мне падаецца, што наўрад ці Белтэлерадыёкампанія пойдзе на тое, каб запрашаць вялікую колькасць прадстаўнікоў незалежных СМІ ў адну перадачу. Магчыма, яны возьмуць удзел у наступных выпусках. Я, прынамсі, спадзяюся на гэта".

Нагадаем, у адной з апошніх перадач у "Клубе рэдактараў" прагучала інфармацыя, што рэдактараў незалежных СМІ ні раз запрашалі ўзяць удзел у тэледыскусіі, але яны адмаўляюцца. Заява выклікала абурэнне кіраўнікоў незалежных СМІ. 12 лютага група журналістаў накіравала на адрас старшыні Белтэлерадыёкампаніі ліст з просьбай даць ім магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў”. Ліст падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

18 лютага кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца запрашалі на запіс праграмы. Але ён быў вымушаны адмовіцца, бо знаходзіўся за мяжой. Таксама не маглі паўдзельнічаць у запісе праграмы яго намеснікі Святлана Калінкіна і Аляксандр Старыкевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі