У Брэсце прапануюць забараніць роварны рух на галоўнай пешаходнай вуліцы

У Брэсцкі гарвыканкам паступаюць звароты ад жыхароў горада, якія прапануюць забараніць роварны рух па вуліцы Савецкай. Пра гэта піша афіцыйная газета установы "Брестский вестник": "На думку грамадзян, перасоўванне па вуліцы на роварах вядзе да зніжэння ўзроўню бяспекі і, у цэлым, супярэчыць першапачатковай задуме ператварэння дадзенай вуліцы выключна ў гарадскую пешаходную зону".

Разгляд гэтага пытання адбудзецца на пасяджэнні гарадской камісіі па бяспецы дарожнага руху. Гарвыканкам, у сваю чаргу, прапануе брэстаўчанам далучыцца да абмеркавання гэтай праблемы і дасылаць свае заўвагі і прапановы ў рэдакцыю выдання.

Еўрарадыё пагутарыла з каардынатарам кампаніі "За Вела-Брэст" Уладзімірам Красько. На яго думку, забарона карыстацца роварам на цэнтральнай пешаходнай вуліцы не дапаможа вырашэнню праблемы.

Красько: "Безумоўна, трэба ўлічваць такія факты, што ёсць адзінкавыя раварысты, якія паводзяць сябе агрэсіўна, ездзяць досыць хутка, ствараючы небяспеку як для сябе, так і для іншых удзельнікаў руху. Але ў прынцыпе, я лічу, забарона ад іх не пазбавіць, бо цяжка ўявіць, як увогуле можна затрымаць раварыста".

Уладзімір Красько дадае, што выправіць сітуацыю на пешаходнай вуліцы магла б роварная разметка. Аднак, на думку актывіста, наносіць яе трэба, улічваючы архітэктурныя асаблівасці вуліцы, каб разметка эстэтычна ўпісвалася ў канцэпцыю вуліцы Савецкай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі