У Брэсце за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе асудзілі яшчэ 11 чалавек

У Брэсце за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе асудзілі яшчэ 11 чалавек

У Брэсце за ўдзел у масавых вулічных пратэстах у 2020 годзе асудзілі яшчэ 11 чалавек. Яны праходзяць па так званай "карагоднай" справе.

Дзмітрый Шамшура, Юрый Клімавец, Ігар Ляшкевіч і Дзіяна Вашчыліна атрымалі па 3 гады "хатняй хіміі", Кацярына Ерамеева, Ірына Кузьмянчук, Юлія Леванюк, Ларыса Яхімовіч, Дзмітрый Неўмяржыцкі — па 2 гады "хатняй хіміі". Віталь Брыцько і Людміла Карабанюк асуджаны на 3 гады "хіміі". Прысуд вынесла суддзя Людміла Рубашэўская.

Праваабаронцы падлічылі, што па "карагоднай справе" ўжо асуджана 127 чалавек. Агулам яны атрымалі 119 гадоў "хатняй хіміі", 90,5 года "хіміі", а таксама 13 гадоў і 8 месяцаў калоніі.

"Карагодная справа" — самы масавы судовы працэс у Беларусі супраць удзельнікаў пратэстаў. 13 верасня 2020 года падчас вулічнай акцыі людзі выйшлі на скрыжаванне бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце. Там яны танчылі, вадзілі карагоды, спявалі песні. Сілавікі разагналі пратэстоўцаў вадамётам.

Першая затрыманая па "карагоднай справе" ў красавіку 2022-га ўжо адбыла свой тэрмін. А шматдзетную маці з Пружанскага раёна, раней асуджаную на "хатнюю хімію", цяпер абвінавачваюць па васьмі артыкулах КК РБ. Некаторым асуджаным удалося збегчы за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі