У Бруселі вызвалілі былога кіраўніка ўраду Каталоніі
У Бруселі вызвалілі былога кіраўніка ўраду Каталоніі. Суд адпусціў пад падпіску аб нявыездзе і чатырох міністраў-калег Карлеса Пучдэмона. Усе яны не маюць права пакідаць тэрыторыю Бельгіі і абавязаныя паведамляць уладам пра сваё месцажыхарства, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Як паведамляла Еўрарадыё, пасля рэферэндума ў Каталоніі і абвяшчэння 27 кастрычніка незалежнасці, улады Іспаніі распусцілі парламент і ўрад аўтаноміі, увялі там прамое кіраванне. На 21 снежня былі прызначаны новыя парламенцкія выбары (паводле апытанняў, на іх перамогуць незалежнікі). Мадрыд пачаў судовы пераслед былых кіраўнікоў Каталоніі, якія абвесцілі незалежнасць. Частка міністраў трапіла пад хатні арышт. Пучдэмон і чатыры міністры выехалі ў Бельгію. Як вядома, ніводная краіна свету не прызнала незалежнасць Каталоніі. У Бруселі каталонцы спадзяваліся змяніць адносіны еўраструктур да гэтага пытання. Да таго ж яны відавочна хочуць ствараць новыя інфармацыйныя нагоды, каб пра Каталонію працягвалі паведамляць сусветныя СМІ,
У Іспаніі Карлесу Пучдэмону і яго калегам выставілі абвінавачанне ў мецяжы, падрыўной дзейнасці і растраце дзяржаўных сродкаў. Калі іх прызнаюць вінаватымі, на волю яны змогуць выйсці гадоў праз 30. Таму не дзіўна, што каталонцы знаходзяцца ў Бельгіі. Суд над імі там мусіць адбыцца на працягу 15 дзён. Каталонцам пагражае выдача ў Іспанію, чаго патрабуе гэтая краіна.