У чэшскіх універсітэтах вучыцца 480 беларусаў, на радзіму вяртаецца палова

“Па інфармацыі ЮНЭСКА, каля 480 студэнтаў з Беларусі навучаюцца ў Чэхіі. Штогод 5 студэнтаў атрымліваюць падтрымку чэшскай дзяржавы. Таксама ёсць стыпендыі ўніверсітэтаў”, — расказвае падчас Міжнароднага адукацыйнага кірмашу амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт.

Каб трапіць на бясплатную адукацыйную праграму, трэба напісаць матывацыйны ліст і прайсці тэст. Інфармацыю аб праграмах супрацоўнік амбасады Павел Данек раіць шукаць на сайце амбасады.

“Амаль у кожнага ўніверсітэта ў Чэхіі ёсць стыпендыі, якія яны прапаноўваць замежнікам. Ужо летам варта шукаць інфармацыю на сайце, бо дэд-лайн падачы —напрыканцы верасня. У тым годзе трэба было запоўніць заяву і напісаць матывацыйны ліст, а таксама зрабіць тэст, які падобны на IQ-тэст”, — тлумачыць Павел Данек.

Заяўка, ліст і тэст запаўняюцца на рускай мове. Павел Данек раіць паглядзець, як правільна пісаць матывацыйныя ліст.

“Два гады таму, калі я чытаў матывацыйныя лісты, гэта быў жах. Больш за ўсё нас цікавіць матывацыя і тое, як вы хочаце выкарыстоўваць веды, атрыманыя ў Чэхіі па вяртанні ў Беларусь”.

Пасля атрымання стыпендыі студэнты год вучацца на падрыхтоўчых курсах чэшскай мовы, а пасля паступаюць ва ўніверсітэт. Ім аплачваецца транспарт, жыллё, а таксама кішэнныя расходы.

Пасля вучобы ў Беларусь вяртаецца толькі палова выпускнікоў.

“Нам бы хацелася, каб вярталіся ўсе і прымянялі свае веды для паляпшэння вашай краіны”, — кажа Павел Данек.

“Усе, каго адбіралі на праграму, справіліся. Тэст сапраўды падобны на IQ, там трэба 60-70% набраць. Ён таксама рэйтынгавы. Там задачы, звязаныя з логікай, з мысленнем, задачы на ўяўленні. Вельмі важную ролю грае матывацыя”, — расказвае беларус Алесь, якога адабралі на дзяржаўную адукацыйную праграму ў Чэхіі.

Цяпер ён заканчвае гадавыя моўныя курсы і збіраецца ва ўніверсітэт у Празе. Па словах Алеся, вучыцца не надта складана, стыпендыі на жыццё хапае.

“Асноўнае адрозненне ад беларускай адукацыі — падручнікі пішуць самі выкладчыкі. Значна менш фармальнасцяў, менш сочаць за наведваннем. Галоўнае, каб пасля здаў іспыт. Людзі вучацца ў сваіх маленькіх групах. Абіраюць там лідара”, — расказвае Ксенія, якая ўжо скончыла Высокую школу эканомікі ў Празе.

Траціна беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, едуць па дыплом, такія лічбы вынікаюць з глабальнга даследавання Інстытута Gallup.

Фота: podebrady.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі