У дачыненні Аляксандры Герасімені ў Беларусі распачалі крымінальную справу
У дачыненні стваральнікаў Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна ў Беларусі распачалі крымінальную справу. Пра гэта ў пятніцу паведамляе Следчы камітэт. Артыкул — "Заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт" (ч. 3 арт. 361 КК). Славутай беларускай спартсменцы пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
У чым віна Герасімені і Апейкіна? Па версіі СК, гэта іх удзел у перанясенні з Беларусі "шэрагу буйных спартыўных мерапрыемстваў" (таго ж хакейнага чэмпіянату свету). Сцвярджаецца, што яны нанеслі Беларусі "значную іміджавую і фінансавую шкоду", быў "падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрыдытавана кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы".
Насамрэч Герасіменя і яе калегі дамагаліся перанясення спартыўных спаборніцтваў з Беларусі з-за рэпрэсій супраць спартсменаў за выказванне імі грамадзянскай пазіцыі.
Аляксандра Герасіменя — трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў у плаванні. Спартыўную кар'еру яна скончыла ў 2019-м. Летась Герасіменя падтрымала мірныя пратэсты ў Беларусі. Яна, як і Апейкін, знаходзіцца за мяжой.
"Следчы камітэт, як і ўсе іншыя беларускія дзяржаўныя органы, не маюць на дадзены момант ніякага легітымнага статусу і ўсе іх рашэнні юрыдычна бессэнсоўныя", — напісаў у Facebook Аляксандр Апейкін. А пасля паведаміў, што "прыйшлі дахаты з ператрусам".
У бацькоў Аляксандры Герасімені і ў доме Аляксандра Апейкіна ў Беларусі ў пятніцу праходзяць ператрусы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.