У ДПК распавялі, як "не дапусцілі выцяснення бежанцаў з Літвы ў Беларусь"
Нелегальныя мігранты на мяжы / скрыншот відэа
У Дзяржаўным памежным камітэце (ДПК) Беларусі распавялі, што "не дапусцілі выцяснення уцекачоў з Літвы ў Беларусь". Інцыдэнт адбыўся на мяжы ў Браслаўскім раёне 28 верасня.
Паводле версіі беларускага ДПК, "літоўскія праваахоўнікі паспрабавалі незаконна выцесніць 10 грамадзян азіяцкай знешнасці на тэрыторыю Беларусі праз раку, па якой праходзіць мяжа".
Такія сітуацыі, падкрэслілі ў ведамстве, на польскім і прыбалтыйскім кірунках адбываюцца кожны дзень.
Праз вялікі паток мігрантаў Літва, Латвія і Польшча вымушаныя былі ўвесці ў памежных раёнах рэжым надзвычайнага становішча. У гэтых краінах лічаць, што да арганізацыі патокаў нелегальных мігрантаў датычныя беларускія ўлады.
У Літве сёлета затрымалі каля 4200 мігрантаў, тады як летась за ўвесь год было ўсяго 81. У пачатку жніўня Літву наведала камісар ЕС па ўнутраных справах Ілва Ёхансан. Яна ацаніла сітуацыю, што адбывацца, як "правакацыю рэжыму Лукашэнкі", і заклікала "паказаць, што вольнага доступу на тэрыторыю Еўразвяза няма". Пасля гэтага мігрантаў у Літве сталі разгортваць назад.
Таксама дзейнічаюць і польскія ўлады. За два месяцы праз беларуска-польскую мяжу спрабавалі трапіць у Польшчу каля 10 тысяч чалавек. Большасць з іх у краіну не пусцілі, адправілі назад у Беларусь. Сёння ў Варшаве можа быць прынята рашэнне аб падаўжэнні рэжыму надзвычайнага становішча на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.