У дзень візіту Пуціна Расія абвясціла пра батальённыя вучэнні ў Беларусі
Расійскія вайскоўцы / Мінабароны Расіі
Расійскія вайскоўцы ў Беларусі правядуць батальённыя тактычныя вучэнні, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на Мінабароны РФ.
Гэтыя вучэнні называюць завяршальным этапам зладжвання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі.
Таксама расійскае Мінабароны заявіла, што іх вайскоўцы на беларускіх палігонах "працягваюць курс інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі".
"Заняткі па баявой падрыхтоўцы і зладжванне падраздзяленняў Заходняй ваеннай акругі праводзяцца ў дзённы і начны час ", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Дарэчы, заява пра батальённыя вучэнні была агучаная ў дзень, калі расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін прыбывае з афіцыйным візітам у Мінск.
У лістападзе расійскае вайсковае ведамства заяўляла, што на беларускіх палігонах трэніруюцца расійскія танкісты, артылерысты, падраздзяленніяў сувязі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынераў і медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння Заходняй ваеннай акругі.
Мінабароны Беларусі казала, што ў краіну прыбудуць да 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў і некалькі соцень адзінак бронетэхнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.