У ЕС абмяркоўваюць магчымасць пазбаўлення Расіі чэмпіянату свету па футболе
Гэтыя спаборніцтвы мусяць прайсці ў 2018 годзе.
Аднапартыец нямецкага канцлера Міхаэль Фухс заявіў, што пазбаўленне Расіі чэмпіянату прынясе больш адчувальны вынік, чым эканамічныя санкцыі, якія збіраецца ўвесці Еўрасаюз з-за дзеянняў Расіі ва Украіне. Фухс лічыць, што FIFA трэба падумаць над варыянтам пераносу першынства свету з Расіі ў Нямеччыну ці Францыю. Яго падтрымлівае блок памяркоўных кансерватараў.
Футбольныя федэрацыі Нідэрландаў і Вялікабрытаніі лічаць, што не трэба прымаць паспешлівых рашэнняў, а трэба дачакацца высноваў камісіі па расследаванню прычын катастрофы малазійскага "Боінга" ва Украіне, падчас якой загінулі амаль 300 чалавек.
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель з'яўляецца прыхільніцай тэрміновага ўвядзення эканамічных санкцый супраць Расіі. А вось ідэю пераносу з Расіі футбольнага чэмпіянату свету яна не падтрымлівае, інфармуе ВВС.
Як вядома, напярэдадні хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Беларусі таксама з'яўляліся прапановы перанесці яго ў іншую краіну з-за наяўнасці палітвязняў і рэпрэсій. Аднак першынство свету ўсё ж прайшло ў Мінску.
Еўрасаюз можа ўвесці супраць Расіі жорсткія санкцыі
Фота — ria.ru