У ЕС рыхтуюць меры ў адказ на прыпыненне Мінскам пагаднення аб рэадмісіі
Замарожваць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю ЕС не збіраецца / Reuters
У Брусэлі пачалі працу па выпрацоўцы крокаў у адказ на пастанову Мінска прыпыніць дзеянне пагаднення аб рэадмісіі, паведамляе ТАСС са спасылкай на прадстаўніка знешнепалітычнай службы ЕС Набілу Масралі.
Пры гэтым паведамленне ад Мінска аб прыпыненні пагаднення ў ЕС пакуль не атрымалі.
"Хоць ЕС пакуль не атрымаў афіцыйнага паведамлення беларускага боку, мы ўжо вывучаем магчымыя нашы наступныя крокі", — заявіла прадстаўніца знешнепалітычнай службы ЕС.
Масралі асобна падкрэсліла, што Еўрасаюз не мае намеру замарожваць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. Візавае пагадненне і пагадненне аб рэадмісіі падпісваліся ў адным пакеце.
Па яе словах, "рашэнне прыпыніць дзеянне пагаднення аб рэадмісіі не прадугледжвае аўтаматычнага прыпынення дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму". Прадстаўніца ЕС падкрэсліла, што спрошчаны візавы рэжым вельмі важны "для падтрымання кантактаў паміж жыхарамі ЕС і Беларусі".
У панядзелак, 30 чэрвеня, МЗС краіны заявіла, што Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства", а таксама пачынае працэдуру прыпынення пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. "Мы не можам выконваць свае абавязанні ў рамках гэтага пагаднення ва ўмовах уведзеных Еўрасаюзам санкцый і абмежаванняў", — гаварылася ў заяве беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.