У Еўропе не могуць падзяліць рыбу
Урад Ісландыі, які некалькі гадоў таму заклікаў грамадзян лавіць рыбу і ратаваць краіну ад крызісу, цяпер чакае санкцый з боку ЕС.
31 ліпеня ЕС вырашыць, ці прымаць санкцыі супраць Фарэраў. Прычына — празмерны вылаў селядцоў. Тым часам фарэрскі прэм’ер Кай Леа Ёханэсэн лічыць, што такія дзеянні з боку Еўрасаюза супярэчаць канвенцыі ААН. Ён кажа, што на Фарэрскіх выспах, сапраўды, заўважылі павелічэнне колькасці селядцоў яшчэ ў 2011-2012 годзе. І звярнуліся да Нарвегіі, Ісландыі, Расіі і ЕС з прапановай перагледзець 5 % квоты для Фарэраў на вылаў гэтай рыбы. Але ніякага адказу не дачакаліся і самастойна павялічылі вылаў селядцоў.
Кай Леа Ёханэсэн: “Спрабуючы прымусіць Фарэрскія выспы да грэбавання сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, ЕС парушае свае абавязкі па міжнародным праве. Такі падыход фактычна перашкаджае супрацы, неабходнай для дасягнення шматбаковага пагаднення”.
У пачатку верасня адбудзецца пяцібаковая сустрэча, якая мусіць перавесці перамовы аб вылаве селядцоў у нармальнае рэчышча, піша Кай Леа Ёханэсэн. Але пра што можна будзе гаварыць, калі ЕС хоча ўжо зараз прыняць санкцыі супраць Фарэраў? Невядома.
Тым часам у няміласць да ЕС можа трапіць і Ісландыя, якая з 2006 па 2011 год павялічыла вылаў скумбрыі з нуля да 170 тысяч тон у год. У Рэйк’явіку нечаканае павелічэнне колькасці скумбрыі ля ісландскіх берагоў тлумачаць кліматычнымі зменамі ў свеце. Якімі, як адзначае Global Post, умела скарыстаўся мясцовы ўрад:
“Рост багацця ў моры супаў з эканамічнай катастрофай на зямлі: урад Ісландыі заклікаў сваіх грамадзян выйсці на рыбалку, каб дапамагчы адраджэнню пасля банкаўскага крызісу 2008 года”.
Чакаецца, што пасля Фарэрскіх выспаў чарга адказваць перад ЕС хутка дойдзе і да Ісландыі. На думку чыноўнікаў з Еўрасаюза, санкцыі супраць гэтых дзяржаў абароняць рыбныя запасы. У сваю чаргу эксперты кажуць, што галоўная праблема ЕС у тым, што рыба плыве туды, дзе ёй лепш, і не звяртае ўвагі на палітыку.
“Рыба не патрабуе пашпарт і сцяг канкрэтнай нацыі, але яна адразу становіцца цікавай, калі спрабуе пакінуць юрысдыкцыю ЕС”, — кажа марскі біёлаг Стывен Сімпсан.
Цікава прыгадаць, што каля 70% экспарта Ісландыі складае менавіта рыба. Таму краіна нават гатова адмовіцца ад сяброўства ў ЕС, каб захаваць кантроль над сваёй рыбнай прамысловасцю.
Фота: worldfishing.net