У Францыі памёр вядомы беларускі мастак Барыс Забораў
Барыс Забораў / ru.wikipedia.org
Не стала мастака Барыса Заборава. Пра гэта паведамілі адразу некалькі крыніц у сацыяльных сетках.
"З Парыжа паведамляюць пра смерць Барыса Заборава. Вялікая страта", напісаў, у прыватнасці, у сябе на старонцы ў Facebook паэт Дзмітрый Строцаў.
Пра смерць мастака паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook і Беларускі Саюз пісьменнікаў.
"Забораў — адзін з галоўных беларускіх кніжных графікаў 1960-х гадоў. Ён афармляў кнігі і сябраваў з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Максімам Танкам, Аркадзем Куляшовым, Рыгорам Барадуліным і іншымі творцамі", нагадалі ў Саюзе пісьменнікаў.
Забораў нарадзіўся ў Мінску ў сям'і мастака Абрама Заборава. Вучыўся ў мастацкіх інстытутах Ленінграда і Масквы. Вярнуўся ў Мінск, але тут палічыў за лепшае займацца кніжнай графікай.
"Выбар ... паміж жыццём мастака па-за афіцыйнага мастацтва, асуджанага на галечу і астракізм, і лёсам мастака кнігі, ілюстратара з высокімі ганарарамі і адноснай незалежнасцю ад Саюза мастакоў, я зрабіў на карысць другога... Я здрадзіў мары стаць мастаком у блізкім для мяне разуменні", пісаў ён у сваіх успамінах.
Мару ён рэалізаваў пазней ужо ў эміграцыі. У 1980 годзе Забораў перабраўся ў Парыж, дзе нарэшце змог спакойна пісаць карціны. Акрамя таго, працаваў з тэатрамі — супрацоўнічаў з парыжскім "Камеды Франсез" і маскоўскім Et Ceterа, а яшчэ займаўся скульптурай.
Яго персанальныя выставы праходзілі ў буйнейшых музеях і галерэях свету, у тым ліку маскоўскай Траццякоўскай галерэі і Галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі. У Мінск з персанальнай выставай Забораў прыязджаў у 2010 годзе. У Нацыянальным мастацкім музеі дэманстраваліся 37 яго работ парыжскага перыяду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.