У Гомелі адкрылася выстава “Вяртайцеся з вайны жывымі…” (фота)

У гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава адкрылася выстава “Вяртайцеся з вайны жывымі…”. Гэта спроба нестандартна зірнуць на тэму вайны. Прадметныя шэрагі распавядаюць не толькі пра вайскоўцаў, іх побыт і змаганне, але і пра тых, хто заставаўся дома і маліўся перад святымі абразамі за захаванне жыццяў.

Сярод прадметаў на выставе — энкалпіён XII стагоддзя з выявамі Барыса і Глеба, узоры беларускага народнага іканапісу “Архангел Міхаіл”, “Іаан Воін”, “Георгій Пабеданосец”, “Самон, Гурый і Авіў”. Вобразы “нябесных воінаў” перагукваюцца з атрыбутамі зямнога змагання і штодзённага ваеннага побыту розных часоў. Гэта — наканечнікі стрэл эпохі бронзы, зброя часоў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, трафейны патэфон, зробленыя з гільзаў кубачкі ды іншае.

Абагульняе ўсё гэта карціна Міхася Андыка “На Радзіму з перамогай”. На яе самадзейны мастак перанёс свае дзіцячыя ўражанні ад моманту вяртання свайго бацькі дадому пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі