У Гомелі затрымалі падпальшчыка аўтамабіляў
У Гомелі затрымалі падпальшчыка аўтамабіляў, паведамляе прэс-служба МУС. Opel, Škoda, BMW і Volkswagen гарэлі вечарам 27 кастрычніка ў розных дварах, але недалёка адзін да аднаго. Аператыўнікі пасля прагляду шматлікіх відэазапісаў, апытання дзясяткаў чалавек, у тым ліку і тых, што раней мелі праблемы з законам, выйшлі на 52-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які працуе на адным з заводаў слесарам.
Напярэдадні мужчына разбіў шкло ў чужой кватэры — кінуў у акно... шпакоўню. Ён быў п'яны. Аператыўнікі крымінальнага вышуку высветлілі, што летась хуліган быў асуджаны за падпал гандлёвага кіёска. Цяпер жа ён — падазраваны ў падпалах машын. Сцвярджаецца, што слесар іх выбіраў выпадкова, быў у стане алкагольнага ап'янення. Некаторыя легкавікі загараліся не адразу, тады ён вяртаўся і падпальваў іх зноў. Крымінальную справу распачалі за "наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам і якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.