У Гродне міліцыя знайшла дзяцей, якія былі на крызе на Нёмане
"Прафілактычная гутарка" ў гродзенскай міліцыі
У Гродне міліцыя знайшла дзяцей, якія былі на крызе на Нёмане. З імі правялі "прафілактычную гутарку", паведамляе прэс-служба Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама.
Напярэдадні з'явілася відэа, як у Гродне дзеці выйшлі на лёд на Нёмане і скакалі на крызе, якая паспела адкалоцца ад берага.
"Гэта была не крыга, а пясчаная водмель, прысыпаная снегам", — піша міліцыя. Тым не менш, інспекцыя па справах непаўналетніх Кастрычніцкага РУУС правяла праверку. Высветлілася, што дзевяць навучэнцаў 8-га класа пасля ўрокаў адправіліся да Нёмана, каб "пакідаць камяні ў ваду". Частка падлеткаў заўважыла побач водмель, якую відавочцы прынялі за крыгу. Далей яны кідалі камяні ўжо адтуль, што і трапіла на відэа.
Міліцыя падкрэслівае, што "ўстанавіла ўсіх удзельнікаў відэа". "Прафілактычную гутарку" правялі не толькі з імі, але і з іх бацькамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.