У інтэрнэт выклалі спісы даўжнікоў з “салідным дастаткам і аўтамабілем”
Магілёўскія камунальнікі вырашылі змагацца са злоснымі неплацельшчыкамі з дапамогай сучасных тэхналогій.
Магілёўскі цэнтр гарадскіх інфармацыйных сістэм склаў спіс злосных неплацельшчыкаў і выклаў яго ў інтэрнэт. У яго трапілі людзі з “салідным дастаткам, добрымі кватэрамі і аўтамабілямі”.
“Мы такія меры (публікаванне імёнаў, прозвішчаў і адрасоў — Еўрарадыё) прымаем ужо некалькі месяцаў. Выступаем у СМІ, адпраўляем смскі, абзвоньваем”, — кажа начальнік разлікова-касавага цэнтра №1 Рыта Маркава. І сапраўды, Магілёўскі цэнтр гарадскіх інфармацыйных сістэм рассылае даўжнікам смс-паведамленні штомесяц да 25 чысла з тэкстам: “Аплаціце камунальныя плацяжы — зберажыце святло, ваду і жыллё”.
Усяго было адпраўлена каля 1000 смсак, і ў 80% выпадкаў гэтая мера падзейнічала.
Сярод даўжнікоў гэтага разліковага цэнтра — жыхарка Магілёва, якая вінная дзяржаве 500 тысяч рублёў. Паўмільёна — не такая і вялікая сума: адна “жыроўка”, з улікам таго, што камуналка падаражэла. Пытаюся, што ў іх за злосная неплацельшчыца, якая адзін раз не заплаціла і ўжо трапіла ў чорны спіс.
“Аплата пагашаная. Там, здаецца, два абаненты на кватэру. Тыя, хто перыядычна не аплачвае, для нас злосныя неплацельшчыкі”, — кажуць у РКЦ №1 г. Магілёва.
Жанчына, якая жыве ў камуналцы, — гэта забяспечаны грамадзянін? На тым жа ўчастку чалавек з доўгам у 11,7 мільёна рублёў. А з ім што не так?
“Мы не ведаем, што з ім. Ён там не пражывае, перыядычна аб’яўляецца, тэлефануе, нешта пагашае з аплаты і зноў знікае. У нас напісана, што ў чалавека няма пастаяннага месца працы”, — расказвае начальнік і вельмі нервуецца, калі пытаюся пра тое, што гэты чалавек таксама можа называцца “з салідным заробкам”.
Усяго ў спісе 40 чалавек. Самы маленькі доўг — усяго 400-600 тысяч рублёў. Самы вялікі — 27 мільёнаў.
Даўжнік з 27 мільёнамі жыве не ў палатах, а ў звычайнай сацыяльнай кватэры, якую дзяржава выдзеліла шматдзетнай сям’і.
“Тут сацыяльнае жыллё — гэта не прыватная кватэра, не дзяржаўная. Гэта часова людзям выдзелілі. 27 мільёнаў — гэта асноўная пазыка плюс пеня. Там дзеткі непаўналетнія, таму нельга іх выселіць пакуль што. А пазыка ў 600 тысяч — гэта жыхарка інтэрната”, — тлумачаць у разлікова-даведачным цэнтры №5 г. Магілёва.
Шукаем злосную неплацельшчыцу ў інтэрнаце. Як высветлілася, гэта маладая сям’я, у іх аднагадовае дзіця, і сярод супрацоўнікаў інтэрната яны лічацца сумленнай ячэйкай грамадства.
Сама ж дзяўчына-даўжніца (не будзем называць яе імя) такім падыходам абураная.
“У мяне зусім невялікі доўг — 430 тысяч. Я не згодная з вывешваннем спісаў — нельга так проста гэта рабіць! Гэта мая асабістая справа, да таго ж там не 600, а 430 тысяч было. Я думаю, сёння-заўтра пайду аплачу астатак, і не дай бог яны не прыбяруць мяне са спіса! У нас нядаўна з мужам была складаная сітуацыя, мы не ведалі, чым дзіця карміць, а машыны ў нас няма. І дастатак — 4 мільёны на траіх”, — кажа дзяўчына, якая разам з мужам і маленькім дзіцем жыве ў інтэрнаце.
Начальнік аддзела камунальных плацяжоў і разлікаў Магілёўскага цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм Таццяна Коршунава тлумачыць Еўрарадыё, што яны стараліся асцярожна пісаць пра адрасы: не давалі нумар кватэры і дома, захоўвалі ананімнасць.
“У нас ёсць шматдзетная сям’я, якая не плаціць за камунальныя плацяжы — у іх 25 мільёнаў! Мы ж не ўсіх даўжнікоў выкладаем на сайце — гэта топ-5 найлепшых, як гаворыцца. У нас жа ёсць ўсё што захочаш! Мы давалі ўказанне, каб не пісалі пра самых апушчаных — алкаголікаў і тых, хто не ведае, што такое інтэрнэт. У таго алкаголіка пазыка мо і 30 мільёнаў будзе, але які сэнс яго імя там размяшчаць, калі ён у інтэрнэт не заходзіць? Гэта накіравана на тое, каб у людзей прачыналася сумленне”, — кажа Таццяна Мікалаеўна. То бок алкаголікаў нельга вывешваць на сайт на ўвесь інтэрнэт, а людзей, якія працуюць ці ў дэкрэтным адпачынку, можна?
Начальніца кажа, што з неплацельшчыкамі вядуць самую вялікую барацьбу, і ў выпадку, калі яны не заплацяць за камунальныя плацяжы, збіраюцца правесці акцыю пад Новы год — вечар пры свечках.
Іх мэта — зрабіць Магілёў самым дысцыплінаваным у плане аплаты за камунальныя плацяжы. Цяпер у горадзе 96% насельніцтва робіць гэта ў час.