У Каліфорніі тры чалавекі ў камуфляжы расстралялі цэнтр дапамогі інвалідам

У Каліфорніі тры чалавекі ў камуфляжы расстралялі цэнтр дапамогі інвалідам

У сераду невядомыя пачалі страляніну ў каліфарнійскім горадзе Сан-Бернардына. Паводле папярэдніх звестак, пры гэтым загінулі 14 чалавек. Яшчэ 17 атрымалі раненні і былі дастаўленыя ў лякарні.

Страляніна адбылася ў будынку, дзе знаходзіцца няўрадавая арганізацыя Inland Regional Center. Яна займаецца дапамогай людзям з адхіленнямі ў развіцці.

Невядомыя ў камуфляжы, у бронекамізэльках і з аўтаматычнай зброяй пачалі страляць па людзях, якія знаходзіліся ў будынку.

Як перадае BBC, нападнікам спярша ўдалося ўцячы, але паліцыя пачала іх пераслед. Двух падазраваных у нападзе падчас пераследу застрэлілі — гэта мужчына і жанчына. Пры гэтым атрымаў раненне адзін паліцыянт.

Асобы нападнікаў пакуль устанавіць не ўдалося. Яшчэ адзін з іх, магчыма, застаецца на свабодзе.

Паліцыя папрасіла ўсіх мясцовых жыхароў пакуль не пакідаць дамы, бо паліцэйская аперацыя яшчэ працягваецца. Шэф паліцыі паведаміў, што па яго звестках сярод ахвяр не было дзяцей, і што "злачынцы старанна спланавалі напад".

Спецыялісты ФБР не выключаюць, што здарэнне было тэрактам. Мясцовая паліцыя мяркуе, што гэта мог быць дамарослы тэрарызм.

Фота: EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі