У Кіеве аб'ядналіся еўрамайданы (відэа)
Два лагеры прыхільнікаў еўраінтэграцыі ўвечары ў аўторак пераўтварыліся ў адзін.
Каля трох тысяч маніфестантаў з Еўрапейскай плошчы прыйшлі на Майдан Незалежнасці, дзе таксама праходзіць акцыя пратэсту. Менавіта да гэтага аб'яднання заклікала экс-прэм'ер і адна з лідараў апазіцыі Юлія Цімашэнка, якая знаходзіцца ў зняволенні. Таксама, на яе прапанову, на мітынгу прыхільнікаў еўраінтэграцыі больш няма партыйных сцягоў — толькі сцягі Украіны і Еўрасаюза, інфармуе УНІАН.
Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоў Еўрасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была не выканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння пагаднення і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.
Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыяваў стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле ЕС і Расіі. Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі. Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.
Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.
Фота — ria.ru