У Латвіі пасля публікацыі картатэкі агентаў КДБ здарыліся скандальныя адкрыцці
У Латвіі ў свабодным доступе апынулася картатэка агентаў КДБ ЛССР 1980-х гадоў. У адпаведнасці з рашэннем Сейма, дакументы пачаў публікаваць Нацыянальны архіў гэтай краіны. Адсканаваныя больш за 10 тысяч картак. Гэта не толькі дадзеныя пра агентаў, але і пра асобаў, якіх разглядалі патэнцыйнымі кандыдатамі для вярбоўкі.
Як інфармуе Delfi, у картатэцы згадваюцца латвійскія палітыкі, якія раней ў судзе даказалі, што несвядома супрацоўнічалі з КДБ і не былі інфарматарамі. Напрыклад, дэпутат Сейма Ігар Піменаў, завербаваны ў 1978 годзе пад псеўданімам "Крывічоў". Дырыжор і былы дэпутат Арвід Платперс пракаментаваў картку, у якой пазначана яго вярбоўка ў 1981-м пад псеўданімам "Вердзі". Ён нагадаў, што суд прызнаў: ён са спецслужбамі не супрацоўнічаў. А тады, у пачатку 1980-х, КДБ цікавілася яго паездкамі за мяжу. Знайшлася і картка экс-прэм'ера Іварса Годманіса ("Пугуліс"), з якога суд раней таксама зняў падазрэнні ў супрацоўніцтве з КДБ.
Адшукалася і картка цяперашняга мітрапаліта Рыжскага, кіраўніка Праваслаўнай Царквы ў Латвіі Аляксандра (Аляксандра Кудрашова). Яго, нібыта, завербавалі ў 1982 годзе пад псеўданімам "Чытач". А ў пачатку 1990-х мітрапаліт спрыяў свайму былому куратару-кадэбісту ў бізнесе.
Дарэчы, латвійскія спецслужбы былі супраць публікацыі гэтых дакументаў. Там не выключаюць, што пасля скандалаў грамадзяне не захочуць супрацоўнічаць, нават у інтарэсах нацыянальнай бяспекі.