У Літве злавілі яшчэ аднаго "беларускага шпіёна"
Ён служыў санітарным інструктарам ва Узброеных сілах Літвы.
У Літве пад суд аддаюць жыхара Коўна, які служыў ва Узброеных сілах Літвы санінструктарам. Яго вінавацяць у у шпіянажы на карысць Беларусі, паведамляе "Інтэрфакс" на Генпракуратуру Літвы.
Вядомыя ініцыялы падазраванага — "А.О.", яму 28 гадоў. У мужчыны сярэдняя адукацыя, ён не жанаты і не судзімы. Паведамляецца, што ён пяць гадоў перадаваў Галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню Генштаба Узброеных сіл Беларусі інфармацыю за грошы. Мужчына служыў парамедыкам (санінструктарам) у батальёне мотапяхоты імя вялікага князя Літвы Альгерда.
Беларускае ГРУ цікавілася ваеннай тэхнікай, узбраеннямі, прызначэннем будынкаў УС Літвы, удзелам у міжнародных аперацыях НАТА, планамі стандартных аперацый, рознымі ваеннымі вучэннямі, інфармацыяй аб складзе канкрэтных падраздзяленняў і службаў, асабістымі характарыстыкамі і маральна-псіхалагічную ўстаноўку вайскоўцаў.
Мужчыну затрымалі 24 студзеня, рашэнне суда ён чакае ў зняволенні.
Нагадаем, што раней спецслужбы Літвы паведамлялі, што затрымалі яшчэ аднаго "беларускага шпіёна", які працаваў на дзяржпрадпрыемстве Oro navigacija. Паведамляецца, што справы гэтых двух людзей паміж сабой не звязаныя.
Фота — gorod.lv