У Магілёве сабралі 700 подпісаў для перадачы чыноўнікам
Мясцовыя жыхары падпісваліся за адраджэнне Дубравенскай брамы.
У Магілёве збіраюць подпісы за адраджэнне старажытнай Дубравенскай брамы (яна існавала ў XVII — пачатку XIX ст.). Падпісаліся ўжо 700 чалавек. У бліжэйшы час подпісы перададуць старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміру Цумараву.
Арганізатарам збору подпісаў выступіла мясцовае інтэрнэт-выданне “НАШ Магілёў”, якое праводзіць інфармацыйную кампанію “Захаваем стары Магілёў”.
Дубравенская брама — адна з чатырох уяздных брам Магілёва, якая існавала ў мінулым. Падмуркі брамы знаходзяцца ў двары дома № 2 па вуліцы Першамайскай і не заняты іншымі будынкамі. Дарэчы, дагэтуль у горадзе існуе завулак Брамны, які раней цягнуўся аж да брамы.
Паводле слоў ініцыятараў збору подпісаў, адроджаная Дубравенская брама можа стаць адным з сімвалаў сучаснага Магілёва.
На здымку: рэстаўрацыя брамы, выкананая магілёўскім мастаком Базылём Камаровым.