У Магілёве затрымалі меркаванага "тэлефоннага мінёра"
У пятніцу, 30 кастрычніка, каля 17-й гадзіны на нумар "102" у Магілёве затэлефанаваў п'яны мужчына. З яго словаў вынікала, што замініраваны высотны шматкватэрны дом па праспекце Міра, 25.
На месца неадкладна выбыла следча-аператыўная група УУС і РАУС, кадэбісты, ратавальнікі і сапёры. Яны эвакуявалі з дома нешматлікіх жыхароў і пачалі яго абследаванне. Рух аўтатранспарту па праспекце Міру не перакрываўся.
У 20-30 сапёры скончылі абследаваць дом і прылеглую да яго тэрыторыю, але ніякіх выбуховых рэчываў і прыстасаванняў не знайшлі.
Аператыўнікі тым часам высветлілі, хто паведаміў пра мініраванне. 36-гадовага нецвярозага магілёўца затрымалі ў кватэры па завулку Гогаля, адзначае прэс-служба магілёўскай міліцыі. Выявілася, што тэлефанаваў ён са сваёй кватэры з мабільнага тэлефона.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Фота: odessa-life.od.ua