У Марыі Калеснікавай скончыўся тэрмін утрымання пад вартай
8 сакавіка ў Марыі Калеснікавай завяршыўся тэрмін утрымання пад вартай, але на волі яе пакуль што няма.
Пра тое, што следства падоўжыла Калеснікавай утрыманне ў СІЗА на два месяцы, стала вядома 6 студзеня.
Але сёння невядома, ці гэты тэрмін падоўжылі, ці Калеснікава можа выйсці на волю.
У прэс-службе Віктара Бабарыкі журналістам TUT.by паведамілі, што адвакат сустрэнецца з ёй у СІЗА толькі 9 сакавіка. Менавіта тады і стане вядомы далейшы лёс палітзняволенай.
Марыю Калеснікаву выкралі ў Мінску 7 верасня і спрабавалі вывезці з краіны. Яна парвала пашпарт і адмовілася пакідаць Беларусь. Пасля гэтага яе ўзялі пад варту як падазраваную па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса — за ўдзел у Каардынацыйнай радзе (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт).
12 лютага Калеснікавай выставілі абвінавачанне яшчэ па двух артыкулах — у тым ліку ў змове з мэтай захопу ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.