У Маскве прыхільнікі “Наваросіі” сарвалі паказ фільма пра вайну ва Украіне
У Маскве сарваны паказ дакументальнага фільма пра вайну ва Украіне, які праходзіў у рамках фестывалю “Артдокфэст”. Людзі ў камуфляжных касцюмах з нашыўкамі “Наваросія” ўварваліся ў кіназал і сталі крычаць: “Ганьба бандэраўцам!”, “Спыніце паказ фільма супраць рускіх!”. Гэтых людзей вывелі з залы супрацоўнікі паліцыі.
Як перадае ВВС, сарваць паказ стараліся актывісты радыкальнай арганізацыі SERB. Праз некаторы час яны зноў уварваліся ў залу і аблілі экран вадкасцю, якая сваім пахам нагадвала мачу. На той момант прыехаў спецназ, які сілай выгнаў хуліганаў. Аднак па зале пачаў распаўсюджвацца непрыемны пах і гледачы самі сталі выходзіць. Паліцыя вырашыла эвакуяваць гледачоў з меркаванняў бяспекі.
Фільм пра вайну ва Украіне “Палёт кулі” дэманстраваўся першы раз у суботу і ўжо тады радыкалы пагражалі, што на наступным паказе ў арганізатараў будуць праблемы. Раней быў адменены паказ дакументальнага фільма пра лідара крымскіх татараў Мустафы Джамілёва.