У Мінску адкрыўся З’езд беларусаў свету

У Мінску адкрыўся З’езд беларусаў свету

У Мінску 15 ліпеня пачаў працу VII з’езд беларусаў свету. На яго вылучылі 160 дэлегатаў з замежжа і 145 з Беларусі. На адкрыццё прыехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей, перадае Радыё Свабода.

“Ад 3 да 4 мільёнаў беларусаў за мяжой — гэта велізарная сіла, — сказаў Макей на адкрыцці з’езду. — Я згодны са Святланай Алексіевіч, якая аднойчы мне сказала, што, напэўна, досыць у Беларусі войнаў, досыць рэвалюцыяў. Мы павінны зрабіць усё, каб нашая краіна развівалася эвалюцыйным шляхам”.

Старшыня рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская агучыла тэму сёлетняга кангрэсу: “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця”.

Радзім Гарэцкі, былы прэзідэнт ЗБС “Бацькаўшчын” заклікаў беларусаў аб’ядноўвацця  дзеля далейшай пабудовы незалежнай дзяржавы. Ён адзначыў, што сёлета час найважнейшых юбілеяў: 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, 100 годдзе ўсебеларускага народнага з’езду, які стаў падмуркам абвяшчэння БНР, 80-годдзе піку сталінскіх рэпрэсіяў.

Сёлетні кангрэс — ужо сёмы. Першы прайшоў у 1993 годзе, ён сабраў больш за 1300 дэлегатаў з замежжа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі