У Мінску па медыках нанеслі не менш за 20 удараў сякерай — Следчы камітэт
Сякеру з рук сына выбіў бацька і даў магчымасць параненым фельчарам выбегчы з кватэры
У дачыненні мужчыны, які ў Мінску напаў на брыгаду хуткай дапамогі, распачалі крымінальную справу. Артыкул — "замах на забойства двух асоб". Як паведамляе Следчы камітэт, па галовах медыкаў зламыснік нанёс не менш за 20 удараў сякерай. Стан здароўя пацярпелых, якім 30 і 42 гады, сярэдняй ступені цяжкасці. Яны "адчуваюць сябе здавальняюча".
Здарэнне адбылося ў суботу ў кватэры дома па вуліцы Пржэвальскага. Фельчары прыбылі для шпіталізацыі 33-гадовага мужчыны ў псіхіятрычную клініку, а той паводзіў сябе агрэсіўна. Калі адзін з фельчараў вырашыў выклікаць міліцыю, ён не паспеў гэта зрабіць, паколькі пацыент накінуўся з сякерай на яго калегу. У выніку пацярпелі абодва медыкі.
Высветлілася, што мінчук ужо больш за дзесяцігоддзе мае праблемы са здароўем. 6 лютага яго выпісалі пасля чарговага лячэння, але лепш яму не стала. Бацька выклікаў медыкаў. Менавіта ён і выбіў сякеру з рук сына і даў магчымасць параненым фельчарам выбегчы з кватэры. Міліцыю выклікаў кіроўца аўтамабіля меддапамогі.
Фігурант крымінальнай справы затрыманы і змешчаны ў РНПЦ псіхічнага здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.