У Мінску праходзіць фізкультурна-спартовае свята

Каля 10 тысяч чалавек прымае ўдзел у фізкультурна-спартовым свяце, якое праходзіць 27 чэрвеня ў Мінску на праспекце Пераможцаў.  Як інфармуе БелаПАН, каля Палаца спорту арганізаваныя рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяржаўных органаў па лыжаролерных і роварных эстафетах 4х2,5 км. Тут жа адбываюцца рэспубліканскі фэст баявых мастацтваў (таэквандо, каратэ-до, айкідо, в'ет вадао, кікбоксінг, у-шу), масавы забег на ролікавых каньках для дзяцей і падлеткаў на дыстанцыі 1,5 км. Будзе зладжанае таксама ўсебеларускае спаборніцтва "Міс Фітнэс Беларусі".

Каля Дома фізкультуры і спорту ідуць гарадскія спаборніцтвы па стрытболе, армрэслінгу, гіравым спорце, перацягванні канату, паркавым валейболе, барацьбе і міні-футболе сярод ахвотных.

У акваторыі ракі Свіслач праходзяць міжнародная ветразьная рэгата, адкрыты кубак горада ў класах яхтаў "Прамень-М", "Аптыміст", "Кадэт" і адкрытыя спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ.

Акрамя таго падчас свята запланаваныя паказальныя выступы спартоўцаў па таэквандо, іншых усходніх відах адзінаборстваў, мастацкай гімнастыцы, спартовых танцах, акрабатыцы ў новым амфітэатры каля фантана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі